Рейтинг СМИ

Посетите рейтинг сайтов СМИ. В рейтинге учавствуют лучшие СМИ ресурсы.

Перейти на Рейтинг
Home » Политика

Дзень гневу

Четверг, 1 июля 2010

Дзень гневу

Банкруты скардзяцца заўсёды. На ўсіх і на ўсё. На расійскае каварства. На еўрапейскую недаверлівасць.

На рост злачыннасці ў краіне. І неспрыяльнае надвор’е.

Але найбольш у гэтых ламентацыях найвышэйшай улады перападае мясцоваму чынавенству. Адданым паслугачам і нават стваральнікам унікальнага рэжыму. Яшчэ ў краіне цячэ жыццё ў звыклым рэчышчы. Пракуроры выпісваюць позвы апазіцыянерам. Следчыя з тупой упартасцю дапытваюць незалежных журналістак. Аднак сапраўдны фронт ужо даўно не там. Змяніўся вектар.

Прынцыпова новы ідэалагічны паход правіцель узначаліў асабіста. Менавіта ён сёння галоўны абвінаваўца лянівай і безнадзейна правінцыйнай улады. Апазіцыя можа спакойна адпачыць дзе-небудзь у цяньку. Нават ёй не сніўся той імпэт, з якім самы высокі начальнік абрынуўся на мінскае чынавенства з нагоды прадстаўлення новага выканкамаўскага шэфа. “Неразворотливость, расхлябанность и нежелание работать со стороны местных властей – вот истинные причины так называемого “снижения деловой активности”… Минск очутился на последнем месте в стране по темпам промышленного производства…Работа жилищно-коммунального хозяйства столицы проводится из рук вон плохо… Пробки на дорогах, перегруженные автобусы, троллейбусы и трамваи, неразбериха с парковками транспорта, нехватка автостоянок и гаражей… Каждый сильный дождь превращается для нас в стихийное бедствие…”

Пасля гэткага разносу вінаватым у стварэнні пекла ў горадзе варта было б паціху высклізнуць у фортку і больш на вочы кіраўніцтва ніколі не з’яўляцца. Але яны нікуды не спяшаліся. Ведалі добра, што дзень гневу пройдзе і ўсё будзе па-ранейшаму. Цудоўна разумелі, пра што насамрэч ідзе размова. Пра дывановую дарожку інаўгурацыі, якая павінна прывесці правіцеля да запаветнага крэсла ў чацверты раз. І ў выпадку паспяховага шэсця па ёй адзінаабранага пэўныя выгоды абломяцца і ягоным падначаленым. А таму няхай разносіць усіх прысутных на шматкі. Не хто-небудзь, а менавіта ён іх гэткімі стварыў. Добра ведае, што яны без яго і ён без іх існаваць не могуць. А гэты гнеў – своеасаблівы рытуал. Умовы добра ўсім вядомай народнай гульні, якая механічна паўтараецца ў адпаведны час.

Шаснаццаць год не заўважаў, што робіцца ў Мінску. А тут раптам спахапіўся. Зараз на ўсіх накрычыць і навядзе парадак. А без яго нікому не прабіць сцяну тупога чынавенства. Ход стары, даволі прымітыўны, але шмат каго прывабіць можа. Гэта ж трэба, так бязлітасна валтузіць нахабных бюракратаў. Гарой стаіць за інтарэсы простага чалавека. Ад душы ўрэзаў гарадскому чынавенству: “Люди годами не могут достучаться к вам со своими вопросами”. Такі вось апантаны абаронца. Проста ён раней не ведаў, што няма зручных парковак, што людзі пакутуюць у перапўненых аўтобусах, а падчас дажджу могуць нават патануць на звычайнай вуліцы. А тут даведаўся знянацку і адразу ўзяўся выкараняць бязладдзе і бюракратызм.

І што самае дзіўнае, не толькі вясковыя старыя, у якіх уся інфармацыя – з двух каналаў тэлебачання, але і шмат хто з нашых інтэлектуалаў спакусіўся ягонымі гнеўнымі прамовамі. Асабліва тымі, што скіраваны супраць імперскіх выбрыкаў Расіі. Глядзіце, спадарове, гэта ж сапраўдны абаронца нашай незалежнасці. На ранейшы гандаль суверэнітэтам увагі не звяртаем. Ды ён жа такім чынам вадзіў за нос прагных крамлёўцаў. А Беларусь квітнела. Усё роўна сыход чарговых выбараў вядомы. І сапраўды, калі не ён, то хто? Да таго ж, не ўсё так кепска. Жывем хоць і ў балоце, але ў сваім. А нашы даўнія надзеі на перамены адкладзем да лепшых дзён. Магчыма, нашы ўнукі дачакаюцца. А пашанцуе – нават дзеці.

Рэжым нічога новага прапанаваць не можа. Ён упарта эксплуатуе даўнія знаходкі. Гальванізуе старыя міты. Пачынаючы сваю кар’еру, шклоўскі вылучэнец выступіў у ролі змагара за справядлівасць, абаронцы ўсіх пакрыўджаных. І сёння паўтарае незабыўны той спектакль. Гэта толькі здаецца, што публічныя разносы чынавенства, абвінаваўчыя прамовы ды малочна-газавыя войны нікога ў зман не заводзяць і жаданай мэты дасягнуць не могуць. Яшчэ як могуць!

Узгадаваныя ім бюракраты ўсіх узроўняў выдатна ведаюць, чаго ад іх чакае гаспадар. Асабліва падчас чарговых выбараў. Адданасці. Непахіснай вернасці. І гэтага тавару ў іх процьма. І вось ужо новы гарвыканкамаўскі начальнік заклікае сваіх паплечнікаў працаваць самааддана, сем дзён на тыдзень.

Не толькі мінская кіруючая раць дэманструе высокую свядомасць і неверагодны працоўны імпэт. Брэсцкае кіраўніцтва яшчэ пры першых залпах газавай вайны адчула ўсю адказнасць моманту. Галоўны вертыкальшчык, дэманструючы бязмежную пільнасць, загадаў старшыням райвыканкамаў не сыходзіць у адпачынак. А вось дырэктар аднаго з заводаў у Барысаве рознымі вытанчанымі хітрыкамі не пераймаўся. Ён адразу зразумеў, у чым сутнасць гэтай мітусні. Склікаў падначаленае кіраўніцтва. І строга загадаў забяспечыць на будучых выбарах стоадсоткавае папярэдняе галасаванне. За адзінага і незаменнага. І калі хто будзе супраць – гнаць у каршэнь. Проста. Зразумела. Шчыра. І няма чаго тут выдурняцца. Час не той.

У нас чамусьці любяць паўтараць даўнюю прымаўку: каней на пераправе не мяняюць. Магчыма, так. Але старую кабылку, якая вывезла калісьці дырэктара занядбанага саўгаса на вяршыню ўлады, памяняць варта. Інакш яна зацягне наша конелюбівае грамадства ў самы вір. Ды і перад светам сорамна. Прэзідэнт – часовая пасада. Чатыры тэрміны запар у адным і тым жа крэсле – гэта ўжо занадта. Нават для тутэйшай дыктатуры.

Источник: Хартия’97 :: Новости из Беларуси