Рейтинг СМИ

Посетите рейтинг сайтов СМИ. В рейтинге учавствуют лучшие СМИ ресурсы.

Перейти на Рейтинг
Home » Политика

ХРЫСЦIЯНСКАЯ БЕЛАРУСЬ — СПРАВЯДЛIВАЯ ЎЛАДА!

Вторник, 30 ноября 2010

Перадвыбарчая праграма кандыдата ў Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь Вiталя Рымашэўскага

 

Вiталь Рымашэўскi — кандыдат ад Беларускай Хрысцiянскай Дэмакратыi, новай палiтычнай сiлы, якая ствараецца ў Беларусi.

Аргкамiтэт Беларускай Хрысцiянскай Дэмакратыi (БХД) аб’ядноўвае ўсiх тых, хто гатовы будаваць Беларусь на аснове хрысцiянскiх каштоўнасцей i патрыятызму.

За аснову нашай эканомiкi, палiтыкi, сацыяльнага жыцця мы бярэм хрысцiянскiя прынцыпы. Яны ўсiм даўно вядомыя — не забiвай, не крадзi, не хлусi, паважай сваiх бацькоў, паважай жыццё i маёмасць iншага чалавека.

1. БЕЛАРУСI — СУМЛЕННУЮ ПАЛIТЫКУ

 

Галоўнае, што людзям трэба ад улады, — сумленнасць. Хлусiш, не выконваеш абяцанняў — у адстаўку. Крадзеш — у турму. Вышэйшы начальнiк — значыць, большая адказнасць.

Хрысцiянская дэмакратыя верне законнасць у суды, пракуратуру, мiлiцыю. Хрысцiянская дэмакратыя разгромiць бюракратыю: iнтарэсы чалавека будуць вышэй за iнтарэсы чыноўнiкаў.

Мы кампенсуем уклады, якiя людзi страцiлi з развалам Савецкага Саюза.

Адукацыя

Вернем iльготы беларускiм студэнтам. Вернем бясплатную адукацыю для ўсiх.

Адменiм сучаснае «прыгоннае права» ў Беларусi — прымусовае размеркаванне.

Адменiм кантрактную сiстэму ў адносiнах да настаўнiкаў. Сярэднi заробак настаўнiкаў да ўзроўню сярэдняга заробку ў дзяржаўных установах.

Медыцына

Зараз з нашых падаткаў грошы iдуць на ўтрыманне бюракратычнай медыцынскай сiстэмы. Пры гэтым кажуць, што медыцына ў нас бясплатная.

Мы спынiм фiнансаванне бюракратаў.

Грошы за лячэнне будуць пералiчвацца непасрэдна дактарам, а не праз сiстэму аховы здароўя, дзе на дадзены момант iльвiная доля сродкаў раскрадаецца.

Пенсii

Нямецкiя пенсiянеры атрымлiваюць пенсii, на якiя могуць падарожнiчаць па ўсiм свеце!

А нашыя бацькi вымушаныя працаваць пасля выхаду на пенсiю, каб хоць неяк дапамагчы сваiм дзецям, пражыць самiм.

Мы павысiм пенсii да еўрапейскага ўзроўню, дастаткова аддаць па 20% акцый вядучых прадпрыемстваў Беларусi («Беларуськалiй», нафтаперапрацоўчыя заводы) ў Пенсiйны фонд.

Войска

Беларускае войска будзе мабiльным i прафесiйным. Замест прымусовага прызыву — вайсковыя зборы ад 3 да 6 месяцаў. Вайскоўцам гарантуем службовае жытло з правам прыватызацыi, вернем iльготы i пенсiю пасля 20 гадоў выслугi.

Чарнобыль

Беларускiя ўлады на працягу 16 гадоў труцяць беларусаў радыяцыяй. Радыёактыўныя прадукты з забруджаных зон трапляюць у крамы Ўсiх гарадоў Беларусi. Перавышэнне доз радыяцыi ёсць у кожнага трэцяга жыхара Мiнска (у Бабруйску i Горках — двух з трох i г.д.). Людзi хварэюць i памiраюць. Улада хавае статыстыку i маўчыць.

Лiквiдатарам чарнобыльскай катастрофы вернем iльготы.

Адновiм эфектыўную сiстэму радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання па ўсёй Беларусi, у тым лiку ў горадзе Мiнску.

Спынiм вытворчасць прадуктаў харчавання на забруджаных тэрыторыях, спынiм выкарыстанне адчуджаных забруджаных земляў.

Арганiзуем вытворчасць прэпаратаў, якiя блакуюць радыёнуклiды i паскараюць iх вывад з арганiзма. Забяспечым усе медыцынскiя ўстановы i аптэкi на тэрыторыi краiны гэтымi прэпаратамi.

2. ЗА БЕЛАРУСЬ БЕЗ КАРУПЦЫI!

 

Адкуль узяць на рэформы грошы? Усё проста — выкаранiць карупцыю. I не падманваць замежных iнвестараў. Тады грошы прыйдуць у Беларусь.

Мы, беларускiя хрысцiянскiя дэмакраты, вырашым праблему карупцыi радыкальна: паменшым колькасць чыноўнiкаў у 3 разы. Менш чыноўнiкаў — менш карупцыi! Мы прымем «Закон Лiнкальна», якi дзейнiчае ў многiх развiтых дэмакратычных краiнах: той, хто дакажа факт карупцыi, атрымае 25% ад выяўленага.

Мы не дапусцiм раскрадання агульнанароднай маёмасцi: нiякай «прыхватызацыi»!

Законна набытая прыватная ўласнасць будзе недатыкальнай.

Суды

Зробiм незалежнымi ад улады суды i адвакатуру. Незалежныя суды — гарантыя роўнасцi перад законам для ўсiх. Кожны пацярпелы мае права на кампенсацыю з боку злачынцы нанесенай яму шкоды ў памеры, якi яго задаволiць, з наступным прымiрэннем бакоў i вызваленнем таго, хто пакаяўся, ад пазбаўлення волi.

Мiлiцыя

Праваахоўныя органы i мiлiцыя будуць пазбаўлены ад умяшальнiцтва ў iх прафесiйныя справы з боку ўлады i спецслужбаў. Нiхто не будзе замiнаць працы мiлiцыi.

Афiцэры мiлiцыi, якiя бароняць нас ад бандытызму, будуць бесперашкодна спаўняць свае абавязкi. А «пярэваратнi ў пагонах» будуць сядзець у турме.

Турма

У Беларусi людзей садзяць у турму за дробныя парушэннi закону. А тыя, хто крадзе мiльёны, — на свабодзе. Турма павiнна выпраўляць чалавека, а не калечыць.

3. БЕЛАРУСI ПАТРЭБНАЕ САМАКIРАВАННЕ!

 

Дыктатура i карупцыя будуць разбураныя, калi ў Беларусi будзе сапраўднае мясцовае самакiраванне.

Мэры гарадоў, мястэчак i нават вёсак будуць выбiрацца людзьмi, а не прызначацца. Мы правядзем выбары ўсiх узроўняў без фальсiфiкацый.

Уладу — людзям, якiя жывуць тут, а не раённай цi абласной мафii!

З мэтай скарачэння дзяржаўных выдаткаў i павышэння эфектыўнасцi кiравання мы, беларускiя хрысцiянскiя дэмакраты, правядзем адмiнiстрацыйную рэформу.

Будзе скасаваны цяперашнi адмiнiстрацыйны падзел Беларусi на 118 раёнаў, 6 абласцей i г. Мiнск. Мэтазгодна ўвесцi адмiнiстрацыйны падзел на 23 рэгiёны. Тым самым будзе скарочана колькасць бюракратычных узроўняў — замест 6 абласных i 118 раённых дзяржаўна–бюракратычных будзе 23 каманды прафесiяналаў. Такiм шляхам мы знiзiм выдаткi на ўтрыманне чыноўнiкаў, якiх стане ў разы менш, i павысiм якасць кiравання дзяржавай з перадачай iстотных паўнамоцтваў у рэгiёны. Рэгiянальнымi цэнтрамi стануць: Брэст, Кобрын, Пiнск, Жыткавiчы, Мазыр, Рэчыца, Гомель, Крычаў, Бабруйск, Магiлёў, Орша, Вiцебск, Полацк, Глыбокае, Барысаў, Мiнск, Маладзечна, Лiда, Гродна, Смаргонь, Баранавiчы, Слуцк, Ваўкавыск.

1/3 ад усiх падаткаў, сабраных на месцах, павiнна заставацца ў мясцовым бюджэце — адпаведна мясцовым Радам павiнна быць перададзеная значная частка ўсiх паўнамоцтваў.

4. БЕЛАРУСЬ — ГЭТА СВАБОДА

 

Кожнаму чалавеку i народу свабода дадзеная Богам. «Дзе Дух Гасподнi — там свабода» (2 Карынф 3:17). Але свабода — не ўседазволенасць. Свабода — вольны выбар i адказнасць за яго. Хрысцiянскiя дэмакраты — за свабоду ад страху, хлуснi i зла.

Найперш, мы забяспечым поўную свабоду веры.

Вернем цэрквам iх маёмасць, а сённяшнiм уладальнiкам кампенсуем страты па прымальным кошце.

У занядбаных вёсках i на гарадскiх ускраiнах перададзiм пустуючыя будынкi хрысцiянскiм арганiзацыям для наладжвання хоспiсаў, сталовых, нядзельных школаў i мiсiянерскiх цэнтраў.

Свабода СМI ў нашым разуменнi — гэта адмена палiтычнай цэнзуры. Мы спросцiм парадак рэгiстрацыi СМI i будзем заахвочваць стварэнне газет, сайтаў i тэлеканалаў у невялiкiх гарадах, мястэчках i нават вёсках.

5. БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ ЗАМОЖНАЙ КРАIНАЙ

 

Вольны, дробны i сярэднi бiзнес — аснова нацыянальнай эканомiкi. Заснаваць сваю справу можна будзе на працягу аднаго дня.

Пры хрысцiянскiх дэмакратах беларуская эканомiка будзе справядлiвай: рынкавай, але сацыяльна арыентаванай. Максiмальна спросцiм падаткаабкладанне: кожны беларус зможа сам, без бухгалтарскай адукацыi, лiчыць свае падаткi.

Падатковая iнспекцыя дзейнiчае як рэпрэсiўная машына. Мы гэта спынiм!

Мы спынiм абкраданне беларускiх грамадзян. Адменiм мыты на аўтамабiлi з Еўропы!

Крэдыты ў Беларусi будуць не болей за 3%. Такiя крэдыты ў Еўропе. Лукашэнка бярэ еўрапейскiя крэдыты па такiх працэнтах i прадае народу па 14 – 17%. Вось так улада турбуецца пра беларусаў!

Асновай беларускай эканомiкi павiнны быць высокiя даходы тых людзей, хто працуе. Большасць беларускiх прадпрыемстваў нерэнтабельныя, бо людзi не маюць кантролю за кiраўнiцтвам прадпрыемства.

Беларускiя хрысцiянскiя дэмакраты адменяць кантрактную сiстэму.

Мы створым свабодныя прафсаюзы, дадзiм магчымасць кантраляваць, куды iдуць заробленыя прадпрыемствам грошы.

Мы ўвядзем прыватную ўласнасць на зямлю. Сярэднi клас стане апорай моцнага грамадства, здольнага адстойваць свае правы.

Кошты на бензiн

Беларусь атрымлiвае нафту для ўнутранага спажывання па ўнутрырасiйскiх коштах, а бензiн значна даражэйшы. Мы знiзiм кошты на палiва для беларусаў.

Кошты на кватэры

У большасцi гарадоў неапраўдана завышаныя кошты на жыллё, на коштах мiнскiх кватэр нажываецца Лужкоў i iншыя алiгархi. Мы спынiм карупцыйныя схемы, увядзем iпатэку.

Сельская гаспадарка

Мы ўвядзем прыватную ўласнасць на зямлю: зямля павiнна належаць гаспадару! Беларускiя хрысцiянскiя дэмакраты зробяць сельскую гаспадарку сучаснай, заснаванай на найноўшых бiятэхналогiях.

6. БЕЛАРУСЬ — ЕЎРАПЕЙСКАЯ КРАIНА

Мы ўсталюем узаемавыгадныя сяброўскiя дачыненнi з Еўропай i Расiяй. Перакосы ў палiтычных i гаспадарчых стасунках будуць выпраўленыя.

Беларусь — нейтральная краiна. БХД гарантуе без’ядзерны статус Беларусi i няўдзел Беларусi ў вайсковых канфлiктах за межамi краiны.

Беларусы змогуць без вiз наведваць еўрапейскiя краiны.

БХД збудуе ў Беларусi сапраўдную еўрапейскую эканомiку, заснаваную на навука– i працаёмiстай вытворчасцi, транзiце, сэрвiсе, турыстычным бiзнесе, iнфармацыйных i экалагiчных тэхналогiях.

Беларусь, якая размяшчаецца ў самым сэрцы Еўропы, бачыцца нам як высокаразвiты сэрвiсны, фiнансавы, тэхнiчны, навуковы i iнфармацыйны цэнтр сусветнага ўзроўню на ключавым геапалiтычным скрыжаваннi.

7. УСЯ МОЦ ДЗЯРЖАВЫ — НА ПАДТРЫМКУ СЯМ’I

 

Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя скiруе дзяржаўныя рэсурсы на падтрымку беларускiх сем’яў.

Мы прымем дзяржаўныя праграмы змяншэння колькасцi абортаў i разводаў. Спынiць вымiранне нацыi i спрыяць умацаванню сем’яў — задача для сапраўды народнай партыi, якой з’яўляецца БХД.

Дапамога па доглядзе за дзiцём будзе ў памеры сярэдняга заробку на кожнае дзiця да 5 год i паловы сярэдняга заробку на дзiця да 10 год.

БХД гарантуе крэдыты на жыллё i набыццё маёмасцi маладым сем’ям. Сямейнаму бiзнесу — падтрымку!

Мы ўвядзем у дзеянне комплекс мерапрыемстваў па змаганнi з усеагульнай алкагалiзацыяй. Паставiм заслону спойванню беларусаў няякасным «чарнiлам».

Вынесем гульнявыя зоны i казiно за тэрыторыi населеных пунктаў. Спынiм прапаганду разбэшчанасцi.

Разам мы пераможам!

Мы заклiкаем вас адстаяць свабоду i справядлiвасць Беларусi.

Як кажуць хрысцiянскiя дэмакраты: Жыве Беларусь — Жыве з Богам!

Источник: Портал Беларусь Сегодня