Рейтинг СМИ

Посетите рейтинг сайтов СМИ. В рейтинге учавствуют лучшие СМИ ресурсы.

Перейти на Рейтинг
Home » Общество

Ад Бэтлеема да чалавечага сэрца

Пятница, 23 декабря 2011

Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне 2011 года

Глыбокапаважаныя браты i сёстры!

1. Нарэшце Божае Нараджэнне! Чатыры тыднi Адвэнту ў чуваннi мы чакалi гэтага дня i рыхтавалiся да яго. Да сэрца кожнага з нас даходзiць даўнiшняе i адначасова новае пасланне анёлаў: «Нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давiда Збаўца» (Лк 2, 11). У вялiкiх базылiках, простых касцёлах i каплiцах на ўсiх мовах хрысцiяне разважаюць над праўдай Богаўцелаўлення. У сэрцы кожнага з нас глыбокiм рэхам гучыць жывы ўспамiн нараджэння Хрыста Збаўцы, якое вызначыла новы пачатак гiсторыi.

2. Нагадваюць аб гэтым сённяшнiя бiблiйныя чытаннi, якiя кажуць пра тое, што «дзiця нарадзiлася нам» (iс 9, 6), «нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давiда Збаўца, якiм ёсць Хрыстус Пан» (Лк, 2, 11) i «З’явiлася ласка Божая, збаўчая для ўсiх людзей» (Цiт 2, 11).

2.1. Бог прыходзiць у гэты свет як безабароннае i патрабуючае дапамогi дзiця, прычым прыходзiць у беднай бэтлеемскай стаенцы. Адно з самых важных здарэнняў гiсторыi адбываецца цiха i незаўважальна. Бог прыходзiць да сваiх пацiху, як быццам не жадаючы iх застрашыць велiччу таго, што адбываецца. Ён не хоча нас прыглушыць сваёй моцай i становiцца малым, каб мы маглi Яго зразумець, прыняць i палюбiць. Ён не патрабуе ад нас нiчога, акрамя любовi, дзякуючы якой мы вучымся разумець Ягоныя жаданнi, думкi i волю. Такiм чынам малы, як дзiця, Бог кiруе нашымi сумленнямi, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI. На пачатку новай гiсторыi, абагаўлёнай таямнiцай Богаўцелаўлення, Бог ставiць дзiця. Гэтая праўда заахвочвае нас баранiць Божы дар жыцця i чынiць усё магчымае для яго развiцця, каб супрацьстаяць дэмаграфiчнаму крызiсу i ствараць цывiлiзацыю любовi. Пры гэтым мы павiнны ўсвядомiць, што забойства ненароджанага дзiцяцi з’яўляецца генацыдам народа, учыненага сваiмi рукамi, а смяротнае пакаранне — замахам на Божы дар жыцця i абразай чалавечай годнасцi.

2.2. Анёлы абвяшчаюць, што нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11). Гэты факт змянiў бег гiсторыi. Бог стаўся чалавекам, каб аб’яднаць яго з сабой. Ён сапраўды стаўся адным з нас i ва ўсiм, акрамя граху, падобным да нас (пар. Флм 2, 7). Яго несмяротнае жыццё сталася смяротным, каб крыжовай смерцю збавiць чалавецтва.

2.3. Праз таямнiцу Богаўцелаўлення «з’явiлася ласка Божая, збаўчая для ўсiх людзей» (Цiт 2, 11). Ласка — гэта не што iншае, як Бог з намi, у нас i сярод нас. Ласка — гэта Бог, якi адкрываецца чалавеку i становiцца дарам для яго, каб яго самога ўчынiць новым стварэннем, — як навучаў благаслаўлёны Ян Павел II.

Хоць Божая ласка з’явiлася ўсiм, аднак, не ўсе яе ўбачылi i прынялi. Чаму так ёсць? Таму што не хацелi i не хочуць гэтага.

3. Таямнiцу Богаўцелаўлення можна прыняць толькi ў духу веры. У той жа час сёння з гэтай праўды часта выдаляецца яе рэлiгiйны змест. Сучасны сусветны гандаль, якi не мае нiчога супольнага з рэлiгiяй, Божае Нараджэнне распачынае ў лiстападзе i, з мэтай заахвочвання клiентаў рабiць закупкi, выкарыстоўвае нават рэлiгiйную сiмволiку. Яна, пазбаўленая свайго першаснага духоўнага значэння, уключаецца ў махiну рэкламы i камерцыi. Рэлiгiйныя сiмвалы служаць нерэлiгiйным мэтам.

Яшчэ ў IV стагоддзi св. Грыгорый Назiянскi ў сваiм казаннi на Божае Нараджэнне супрацьпаставiў хрысцiянскае яго святкаванне язычнiцкаму. Ён казаў: «Ушануйма гэтае свята не ярмарачным спосабам, але боскiм; не па–свецку, але звышпрыродна; не як нашае, але як Таго, хто ёсць нашым Панам».

Камерцыя, спажывецкая культура i палiткарэктнасць у рэлiгiйных справах моцна ўплываюць як на падрыхтоўку да святаў, так i на само iх святкаванне. Закупкi, падарункi, гасцiны i г.д. з’яўляюцца прычынай таго, што Божае Нараджэнне трацiць сваё духоўнае вымярэнне i не пакiдае нiякага следу ў нашым жыццi. Прыйшло i прайшло.

4. Цi такiм павiнен быць хрысцiянскi спосаб святкавання Божага Нараджэння?

Свята Божага Нараджэння павiнна стаць тэстам на нашу хрысцiянскую тоеснасць, а менавiта, цi хочам мы сапраўды жыць Божай ласкай або толькi прытрымлiваемся традыцыi схадзiць у касцёл, купiць дзецям падарункi, павiншаваць блiзкiх, а ў штодзённым жыццi застаёмся падобнымi да няверуючых. Больш гуманны свет, пачаткам якога ёсць Божае Нараджэнне, — гэта свет, у якiм жыве новы чалавек, здольны супрацьстаяць выклiкам часу, асаблiва мiражам матэрыялiзму i кансумiзму; супярэчнаму з воляй Божай выкарыстоўванню дасягненняў навукi i тэхналогii; iмкненню да абсалютнай свабоды без Бога; лiбералiзму ў справах этыкi; абагаўленню амаральных прыемнасцяў i г.д.

5. Адзiн мiсiянер працаваў у афрыканскай вёсцы, дзе не было вады. Яе трэба было насiць вельмi далёка з ракi. Ён заахвоцiў людзей зрабiць артэзiянскую студню, каб заўсёды мець свежую i чыстую ваду. З дапамогаю дабрачынных арганiзацый яны рэалiзавалi гэты праект. Аднойчы мiсiянер зайшоў у дом, дзе жыла пажылая жанчына, i папрасiў у яе кубак чыстай вады. Са здзiўленнем ён пачуў, што ў хаце няма пiтной вады. «Чаму? — спытаўся мiсiянер. — Усе ж маюць». «Так, усе маюць, — адказала жанчына. — Але праблема ў тым, што мой унук, з якiм я жыву, лянуецца прынесцi ваду з артэзiянскай студнi».

6. Вось той пункт, у якiм знаходзiцца сучасны чалавек! Можна памерцi ад недахопу вады там, дзе яе дастакова. Чаму? Таму, што вада не з’яўляецца нашай, пакуль мы самi не прыйдзем да яе крынiцы, каб узяць тое, што нам па праву належыць. Каб заспакоiць нашае прагненне i напiцца вады, нам найперш трэба рэалiзаваць наша права на ваду.

Падобна i з праўдай Божага Нараджэння. Нам трэба прыняць яе i адчуць у нашым жыццi, у нашых сем’ях, у нашым грамадстве i ва ўсiм свеце.

7. Калi мы разважаем над цудам Божага Нараджэння, то вельмi варта паглядзець, як паводзiлi сябе розныя катэгорыi людзей, якiя непасрэдна былi звязаны з гэтай падзеяй.

З негатыўнагага боку паўстае гаспадар гасцiнiцы, якi не ўпусцiў цяжарную Марыю i Юзафа, кажучы, што няма месца. Таксама i Iрад, якi быў гатовы забiць немаўлятка Езуса, бо ў iм бачыў пагрозу свайму валадаранню.

Пазiтыўна прадстаўляюцца простыя пастушкi, якiя пакiнулi свой статак i паспяшылi, каб убачыць нарадзiўшагася Збаўцу. Таксама i Тры Каралi — вучоныя мужы з Усходу, — якiя прайшлi доўгi i небяспечны шлях да Бэтлеема, каб пакланiцца Езусу i прынесцi Яму свае дары. Яны, а не фарысеi i кiраўнiкi габрэйскага народа, атрымалi ласку ўбачыць уцелаўлёнага Бога.

Пры нараджэннi Збаўцы не было шпiталя i месца ў заездзе. Не было прафесiйнай медыцынскай апекi. Не было гучнага прывiтання нованароджанага. Не было вiншаванняў. Не было дастаткова цяпла. Не было вадаправода. Не было электрычнасцi. Але было дастаткова любовi, бо без яе жыццё было б нязносным. Таму Божае Нараджэнне — гэта пацалунак Бога з зямлёй, якi прынёс людзям новую надзею.

8. А як з намi? Цi мы сапраўды бачым нованароджанага Збаўцу? Цi з патрэбы душы спяшаемся пакланiцца яму? А можа, толькi аддаем данiну традыцыi? У вынiку чаго пад елкай знаходзiцца ўсё больш блiскучых i дарагiх падарункаў, але памiж намi няма Бога, якi нам у падарунку ахвяраваў самога сябе. Бог першы выйшаў нам насустрач i паказаў сваё багатае на ласку i мiласэрнасць аблiчча. Яго прышэсце ў свет павiнна змяняць нас.

Таму, як мы спяваем у папулярнай каляднай песнi, «абудзiся, беларусе–братка», бо для цябе Бог нарадзiўся. Абудзiся, той, хто спiць, i паўстань з грахоўнай магiлы, i заяснее табе Хрыстус. Чалавек, ты памёр бы навекi, каб ён не нарадзiўся ў час.

9. Аднойчы малая дзяўчынка пасля святой iмшы на Божае Нараджэнне спыталася ў сваёй мамы: «Мама! Сёння нарадзiўся Пан Езус. Год таму я таксама чула, што ён нарадзiўся. Так было i два гады таму. Колькi ж разоў ён тады нарадзiўся?» Папа Iнакенцiй III на гэтае пытанне адказаў наступным чынам: «Езус нараджаецца з Бога Айца заўсёды. З сваёй мацi ён нарадзiўся толькi адзiн раз. Але ў нашых сэрцах ён нараджаецца часта».

Няхай жа нашым самым прыгожым святочным дарам i зычэннем будзе тое, каб Езус як мага часцей нараджаўся ў нашых сэрцах.

10. Дарагiя браты i сёстры, суайчыннiкi, усе людзi добрай волi!

Са святам! З Раством Хрыстовым! Ад усяго сэрца вiншую вас з гэтым радасным, збаўчым i даючым новую надзею святам Богаўцелаўлення!

Вiншую католiкаў i вернiкаў iншых хрысцiянскiх веравызнанняў, якiя сёння адзначаюць гэтае свята. Асаблiва вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя перажываюць Адвэнт i ў чуваннi рыхтуюцца да свята Божага Нараджэння. Хоць лiтургiчныя календары ў нас розныя, аднак сэнс свята аднолькавы, а менавiта — Богаўцелаўленне. Таксама i мы ў нашым служэннi Народу Божаму павiнны быць адзiнымi, каб разам сведчыць праўду Евангелля, баранiць хрысцiянскiя каштоўнасцi i на iх будаваць нашае жыццё.

Вiншую ўсiх людзей добрай волi. Бог стаўся чалавекам i збавiў усiх. Таму i наша радасць мае права быць супольнай.

Жадаю, каб Хрыстус сваёю ласкаю нарадзiўся ў нашых сэрцах, каб мы ўсе ў Iм адкрылi Збаўцу, зведалi безабаронную любоў Бога, Яго пакору i мiласэрнасць, а таксама навучылiся новаму спосабу жыцця, узаемнай пашане i любовi.

Пане Езу Хрыстэ, Ты сваiм нараджэннем прынёс сапраўдны мiр у гэты свет, адары нас сваёю ласкаю, мудрасцю i трываласцю. Няхай там, дзе праяўляецца азлобленасць, пануе любоў; дзе крыўда — прабачэнне; дзе падзел — еднасць.

Паводле старой традыцыi, у святую ноч Божага Нараджэння ваюючыя бакi на фронце спынялi агонь i нават хадзiлi адно да аднаго ў госцi. У гэтае свята духоўнага мiру i супакою пададзiм адно аднаму рукi ў iмя народжанага ў Бэтлееме Збаўцы, якi такiм чынам прысутнiчае сярод нас, паяднаемся ў iмя светлай будучынi нашай Краiны. Мы ж усе яе дзецi, нам тут жыць i iсцi да вечнасцi.

Як залог нашай еднасцi ў нованароджаным Збаўцы i новай надзеi, нават насуперак надзеi (пар. Рым 4, 18), дзялюся з усiмi вамi аплаткай i, давяраючы апецы Багародзiцы, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi, Апостальскi Адмiнiстратар Пiнскай дыяцэзii.

Мiнск, 8 снежня 2011 г.

Источник: Портал Беларусь Сегодня